Курсовая работа на тему "Синонимы в поэме Я. Коласа." - готовые работы
Синонимы в поэме Я. Коласа.
Описание:
Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся сінонімы ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. У працы аналізуюцца семантычныя, семантыка-стылістычныя, кантэкстуальныя сінонімы. Разглядаецца сінанімія сярод назоўнікаў, дзеясловаў, прыметнікаў і прыслоўяў. Апісваюцца і такія сінонімы, якія выдзяляюцца паўторам прэфікса. Удзяляецца ўвага і апісанню стылістычных функцый, якія выконваюць сінонімы ў паэме “Новая зямля”. Сярод іх адзначаюцца функцыя сэнсавага ўдакладнення, функцыя замяшчэння, функцыя ўздзеяння на чытачоў або слухачоў. Пры разглядзе сінаніміі розных часцін мовы называецца і прыём ампліфікацыі (градацыі) сінонімаў. Акрамя таго, вызначаны месца, значэнне і функцыі сінонімаў у паэме Я.Коласа “Новая зямля”, паказана іх роля ў структурна-семантычнай арганізацыі цэласнасці тэксту.
У асобным раздзеле намі разглядаецца сінанімія фразеалагічных адзінак (ФА) у паэме з прычыны значнасці пытання і недастатковасці яго распрацоўкі ў крытычных матэрыялах. Паколькі мова Я.Коласа вельмі багатая сінанімічнымі ФА, мы ставілі на мэты – разгледзець асаблівасці фразеалагічнай сінаніміі, якая надзвычай шырока прадстаўлена ў паэме “Новая зямля”, вылучыць сінанімічныя рады ФА паводле сінтаксічнай суаднесенасці, вызначыць семантычна тоесныя і семантычна розныя сінанімічныя ФА, выявіць стылістычную ролю паралельнага ўжывання фразеалагізмаў-сінонімаў у адным мікракантэксце. Фактычны матэрыял дазваляе вылучыць тыпы сінанімічных радоў паводле сінтаксічнай суаднесенасці.
Асноўным метадам даследавання з’яўляецца метад лінгвістычнага апісання, які заключаецца ў планамернай інвентарызацыі моўных адзінак і тлумачэнні асаблівасцяў іх ужывання ў паэме. Таксама выкарыстоўваецца апісальна-аналітычны метад; супастаўляльны метад, метад слоўнікавай ідэнтыфікацыі.
Наша даследаванне мае як тэарэтычную, так і практычную значнасць. Матэрыялы даследавання могуць быць скарыстаныя ў практыцы школьнага выкладання лінгвістычных дысцыплін, у прыватнасці, у курсе “Сучасная беларуская літаратурная мова” (раздзелы “Фразеалогія”, “Лексікалогія”), пры парвядзенні пазакласных заняткаў па творчасці Я.Коласа і ўрокаў літаратуры.
Выдержка из работы:
Існуе вузкае разуменне сінаніміі як уласцівасці слоў, якія поўнасцю супадаюць ў сваім значэнні, і больш “шырокае” яе паняцце. Першае мае вялікую каштоўнасць з пункту гледжання семантычнага перыфразавання выказвання, другое – для асэнсавання таго, як функцыянуюць у тэксце, поўнасцю або часткова, эквівалентныя адзнакі. Пры больш шырокім разуменні сінаніміі ўвага акцэнтуецца на тым, што моўныя адзінкі валодаюць не толькі значным падабенствам, але і вядомай розніцай, якая нейтралізуецца ў тэксце [14, с. 224].
Сінонімы (грэч. synonymus – “аднайменны”) – словы адной часціны мовы, якія з’яўляюцца назвай аднаго паняцця, аб’ядноўваюцца агульным значэннем, але адрозніваюцца адценнямі значэння, эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, спалучанасцю з іншымі словамі ці стылістычным выкарыстаннем [14, с. 123]. “Пры дапамозе сінонімаў паэт пазбягае лексічных паўтораў, моўнай аднастайнасці, перадае неабходнае сэнсавае адценне, інтанацыю” [15, с. 123].
Наяўнасць у мове слоў, якія звязаны паміж сабой падабенствам і блізкасцю значэнняў, заўсёды цікавіла даследчыкаў-лінгвістаў. Праблемы сінаніміі былі разгледжаны ў працах Г.А. Вінакура, А.Д. Грыгор’евай, А.Р. Грыгаран, А.І. Нечытайла, А.А. Каўруса, М.Я. Цікоцкага, М.М. Кожынай і інш.
Спроба аб’яднаць уяўленне аб сінаніміі як семантычнай тоеснасці з уяўленнем аб сінонімах як словах, якія могуць адрознівацца адзін ад другога па значэнні, “прывяла да канцэпцыі нейтралізацыі семантычных адрозненняў сінонімаў у строга азначаных пазіцыях, што ствараюцца семантычнымі, лексічнымі, сінтаксічнымі і іншымі прыкметамі” [1, с. 217].. Было прапанавана лічыць сінонімамі толькі такія падобныя па значэнні словы, адрозненні паміж якімі здольны нейтралізавацца.
Мастацкая літаратура з’яўляецца добрай глебай для развіцця і выкарыстання сінаніміі. Літаратура не толькі ўбірае ў сябе ўсё багацце мовы, удасканальвае яе семантыка-стылістычныя ўласцівасці, пашырае прыёмы яе ўжывання ў маўленні, але і ўзбагачае агульнамоўную сінаніміку ўсё новымі элементамі.
Як зазначае М.М. Кожына, маўленчая творчасць, асабліва ў пісьмовай форме, заўсёды звязана з працай над сінонімамі: выбар такога слова, якое найбольш дакладна, выразна, стылістычна ўдала перадае канкрэтную думку. “Пакуты творчасці” – гэта і ёсць “пакуты сінаніміі” [9, с. 117].
І.2.Разрады Коласаўскіх сінонімаў на аснове тоеснасці значэння.
Сінонімы робяць мову паэтычных твораў больш разнастайнай, маляўнічай, вобразнай, насычанай. Сінанімія надзвычай шырока прадстаўлена ў паэтычным творы Якуба Коласа “Новая зямля”. Выкарыстанне пісьменнікам сінонімаў накіравана на тое, каб пашырыць і ўзбагаціць сэнс, дапоўніць і ўдакладніць змест твора, падкрэсліць экспрэсію аўтарскіх пачуццяў з рознымі стылістычнымі адценнямі.
Сярод разнавіднасцей лексічных сінонімаў, якія аб’яднаны ў пары і сінанімічныя рады на аснове тоеснасці значэння, -- семантычных, кантэкстуальных, агульнаўжывальных, семантыка-стылістычных – найбольшае значэнне маюць апошнія. Гэта абумоўлена эстэтычнай функцыяй мовы, пэўныя аспекты якой і павінны рэалізаваць сінонімы. Яны паляпшаюць эмацыянальна-экспрэсіўную характарыстыку вобразнасці, надаюць новае апісанне звыкламу паняццю: Як на нівах / Жыта збажынкі лёгка гнуцца / І людзям радасна смяюцца / Сваім прыемным, мілым спевам / Пад лёгкім ветрыку павевам. [11, Т.6, С.9]; А пташкі голасна і здольна / Смяюцца мілым шчабятаннем / І поўняць луг сваім спяваннем. [11, Т.6, С.10]; Яны [буслы] / разводзяць ужо крылы, / Ўгару на локаць падлятаюць, / Паветра ловяць, заграбаюць [11, Т.6, С.10]; Мне душу смуткам напаўняе, / Што ў прошласць канулі гадочкі, / Мае шчаслівыя дзянёчкі, — / Прайшла, вясна ты маладая! [11, Т.6, С.13]; І звон аб прыпек скавародны, / Так блізкі сэрцу, так ім родны, / У нейкім радасным настрою / Спяваў ім песняю святою / І лашчыў сэрцы іх і вушы / І поўніў радасцю ім душы, / Такі прыемны, мілагучны, / У той прыемнасці выключны, / Ён разліваўся па ўсім целе [11, Т.6, С.14]; І сеў Міхал у страшнай дзічы, / Дзе лес адзін, хмызняк ды поле / Ды ветру посвісты на волі. [11, Т.6, С.33] і іншыя.